Казачэнка В. Л. У абарону роднай зямлі. Мая Радзіма — Беларусь. IV клас

Скачать материал

У абарону роднай зямлі

Мая Радзіма — Беларусь. IV клас

Мэта: напрыканцы ўрока вучні павінны ведаць асноўныя падзеі, звязаныя з грунвальдскай бітвай і ўмець вызначаць паслядоўнасць гістарычных падзей.

Задачы:

  • стварыць умовы для пашырэння ведаў вучняў аб існаванні Вялікага Княства Літоўскага, аб князях і іх праўленні, аб падзеях 1410 года;
  • спрыяць развіццю ўмення працаваць з гістарычнай картай, выхаванню любові да Радзімы, пачуцця гераізму і адвагі;
  • развіваць у вучняў цікавасць да гістарычнага мінулага нашай Радзімы.

Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя; карты, атласы; «кніжкі даследчыкаў», заданні на картках.

Падрыхтоўчая работа: вучні дома праглядваюць вучэбнае відэа і адказваюць на пытанні (гл. эл. дадатак).

1. Арганізацыйны этап.

Празвінеў званок вясёлы,

У клас пазваў усіх дзяцей.

Будзем дружна працаваць,

Веды будзем здабываць.

Вы да працы ўсе гатовы?

Слайд 1.

— Пачаць наш урок хачу народнай прыказкай (слайд 2):

Навука для чалавека, як сонца для жыцця.

— Як вы разумееце народную мудрасць?

— Усяму жывому патрэбна сонца, без яго няма жыцця. Кожнаму чалавеку патрэбны веды. Чалавек сваім розумам можа шмат зрабіць для іншых, як нашыя славутыя продкі: Францыск Скарына, Сымон Будны, Кірыл Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Яраслаў Мудры. У адукаванага чалавека цікавае жыццё.

2. Этап актуалізацыі суб’ектыўнага вопыту.

— Сёння на ўроку я прапаную вам пабыць у ролі гісторыкаў-даследчыкаў, звярнуцца да падзей мінулага.

Слайд 3.

— Якую гістарычную падзею мы будзем даследаваць, вы павінны былі выявіць дома. (Грунвальдскую бітву.)

Слайд 4.

— Мы будзем весці гаворку пра Грунвальдскую бітву. Тэма наша ўрока — «У абарону роднай зямлі».

Слайд 5.

— Якую мэту мы павінны паставіць?

Ведаць асноўныя падзеі, звязаныя з Грунвальдскай бітвай, і ўмець вызначаць паслядоўнасць гістарычных падзей.

Задачы:

Вызначыць, якая небяспека пагражала беларускім землям; як нашы продкі змагаліся з крыжакамі і татарамі; ролю Грунвальдскай бітвы ў гісторыі.

3. Этап прымянення ведаў.

— Каб наша праца была плённай, у кожнага з вас ёсць невялікія кніжкі даследчыкаў (гл. эл. дадатак). Яны будуць дапамагаць нам у працы. Я прапаную кожнаму з вас узяць іх у рукі і адказаць на першыя пытанні. Правільна адказаць на пытанні вам дапамогуць веды, якія вы атрымалі падчас прагляду дамашняга відэароліка.

Вучні запісваюць адказы ў свае кніжкі. Самаправерка.

Слайд 6.

Пытанні:

  1. Якое самае вялікае княства існавала з 13 па 18 стагодзе? (Вялікае Княства Літоўскае.)
  2. Якая заходняя славянская дзяржава была суседкай Вялікага Княства Літоўскага? (Польшча.)
  3. У склад якога княства ўваходзілі беларускія землі? (Вялікае Княства Літоўскае.)
  4. Назавіце першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага. (Навагрудак.)
  5. На паўночным захадзе ворагамі для зямель Вялікага Княства Літоўскага былі … (Рыцары Тэўтонскага ордэна, або крыжакі.)
  6. На паўднёвым усходзе ворагамі зямель Вялікага Княства Літоўскага былі … (Татары.)
  7. Якія беларускія гарады часцей за астатнія падвяргаліся набегам крыжакоў? (Полацк, Гродна.) (Чаму?)

Слайд 7.

На дошцы настаўнік размяшчае карту з межамі дзяржаў.

Слайд 8.

Работа ў групах.

Кожны ўдзельнік групы атрымлівае картку з тэкстам (гл. эл. дадатак). Трэба ўставіць словы па сэнсе, а потым аб’яднаць свае адказы ў адно паведамленне ад групы.

Група 1. Вялікае Княства Літоўскае.

Група 2. Польшча.

Група 3. Тэўтонскі ордэн.

Група 4. Татары.

Групы прэзентуюць свае работы. Самаправерка.

Фізкультхвілінка.

— Як вядома, гісторыкі-даследчыкі, каб здабыць карысныя звесткі, адпраўляюцца на пошукі ў розныя куткі зямлі. Мы з вамі не будзем выходзіць за межы класа, але правядзём пошукі.

Кожнай групе даецца «карта класа». Трэба па карце знайсці ў класе тое, што схавана, і даць адказ на пытанне «Якой дзяржаве гэта належыць?».

Слайд 9.

Гербы Вялікага Княства Літоўскага, Польшчы, Тэўтонскага ордэна, татар.

— З простай картай вы справіліся, а зараз паспрабуем папрацаваць з больш складанай картай.

Работа з контурнай картай, выкананне заданняў 1–3.

Слайд 10.

Самаправерка.

— Разгледзьце малюнкі ў атласе. Партрэт якога князя намаляваны? (Вітаўта.)

Слайд 11.

На слайдзе партрэты: Альгерд, Кейстут, Вітаўт, Ягайла.

— Устанавіце іх сваяцкія сувязі.

Image

Узаемаправерка.

— Я прапаную вам узгадаць фрагменты вучэбнага відэа, а потым выканаць заданне: дапісаць словы ў сказы.

Прагляд відэа (фрагмента, гл. эл. дадатак.) (https://www.youtube.com/watch?v=Fu6vE0E_CfE)

Заданне.

Кім быў Вайтыла пры двары? _____________

Князем ВКЛ быў ___________ і ______________ .

Які замак атрымаў пекар пасля збліжэння з князем Альгердам? ________________

Пасля смерці Альгерда князем стаў яго ______ .

Супраць каго настройваў Вайтыла князя Ягайлу? ______________

На паўночна заходнім рубяжы размяшчаліся межы ________ ордэна. Першыя крыжакі тут з’явіліся ў ___________ стагоддзі. З тых часоў вайна на мяжы не спынялася.

Вайтыла прыбыў да крыжакоў для сумеснага нападу на __________ і крыжакі __________ .

Змова Вайтылы была раскрыта і яго ________ .

Праз некаторы час Ягайла зноў сабраў войска і падманам захапіў у палон ___________ і __________ . Кейстут быў __________ , а Вітаўт бег __________ .

Стаўшы каралём Польшчы Ягайла вырашыў забіць свайго брата Вітаўта. Вітаўту давялося зноў бегчы.

На мяжы для яго быў збудаваны замак _________ . Вітаўт заваёўваў суседнія землі, а слава пра яго расла. Аднойчы ноччу замак «Чорная цвярдыня» падпалілі. Былі забітыя жонка і дзеці Вітаўта. Крыжакі рыхтаваліся да вайны.

У __________ годзе Ягайла і Вітаўт сустрэліся на мяжы і пасля працяглай вайны аб’ядналіся для супрацьстаяння ______________ордэну.

Каля вёскі Грунвальд _________ ліпеня __________ года адбылася вырашальная бітва, якая ўвайшла ў гісторыю як ____________ .

Самаправерка.

— Грунвальдская бітва адбылася 15 ліпеня 1410 года. Ворагі сышліся на полі бою.

Работа з контурнай картай, заданні 4, 5.

Слайд 12.

Самаправерка.

— Войска Вялікага Княства Літоўскага складалася з 12 000 воінаў, Польшчы — прыкладна столькі ж. Тэўтонскі ордэн — 18 000 воінаў. На падмогу прыйшлі рыцары з еўрапейскіх краін: Англіі, Францыі, Венгрыі і інш.

Паважаныя гісторыкі, вам трэба расставіць войскі на полі бою:

група 1 — войска Вітаўта;

група 2 — войска Ягайлы;

група 3 — войска крыжакоў;

група 4 — што стала пачаткам ваенных падзей?

(На рубяжы паказаліся крыжакі, яны прывезлі і ўручылі Вітаўту і Ягайле па мячу, што азначала «Пачынайце атаку, або вы баязліўцы».)

Слайд 13.

— Дома вы малявалі карту Грунвальдскай бітвы, хто жадае нам расказаць аб ваенных падзеях? Хто хоча дапоўніць?

— Якія рысы характару воінаў прывялі іх да перамогі?

— Якую ролю адыграла перамога ў Грунвальдскай бітве?

— Перастаў існаваць галоўны вораг Вялікага Княства Літоўскага, Вялікае Княства Літоўскае стала магутнай дзяржавай.

Слайд 14. Помнікі, якія паказваюць значнасць гэтай гістарычнай падзеі.

4. Этап замацавання ведаў.

— Прапаную вам прайсці іспыт на званне гісторыка-даследчыка.

Тэст.

1. Князем Вялікага Княства Літоўскага ў 13 ст. быў:

  • а) Ягайла;
  • б) Вітаўт;
  • в) Кейстут.

2. Ворагамі Вялікага Княства Літоўскага на межах былі:

  • а) крыжакі;
  • б) Вайтыла;
  • в) татары.

3. Беларускія землі ў 13 ст. уваходзілі ў склад:

  • а) Вялікага Княства Літоўскага;
  • б) Польшчы;
  • в) Тэўтонскага ордэна.

4. Грунвальдская бітва адбылася:

  • а) 10 ліпеня 1410 г.;
  • б) 9 ліпеня 1410 г.;
  • в) 15 ліпеня 1410 г.

5. Галоўнае кіраванне боем узяў на сябе:

  • а) Ягайла;
  • б) крыжакі;
  • в) Вітаўт.

Без памылак — 3 балы, 1 памылка — 2 балы, больш за 1 памылку — 1 бал.

Слайд 15.

Праверка. Ключ: 1Б; 2А, В; 3А; 4В; 5В.

Слайд 16.

— Давайце падвядзём вынік нашай даследчай дзейнасці.

Падлічыць колькасць набраных балаў,

+ дадаць балы за тэст

= вынік — адзнака.

5. Этап падвядзення вынікаў урока.

  • — Якую гістарычную падзею мы даследавалі?
  • — Ці дасягнулі пастаўленай мэты?
  • — На якія пытанні адказалі?
  • — Навошта мы даследавалі гістарычную падзею, якая адбылася 608 год таму назад?

6. Этап інфармавання аб дамашнім заданні.

— Грунвальдская бітва пакінула вялікі след не толькі ў гісторыі, але і ў мастацтве, у літаратуры. Да наступнага ўрока вы даследуеце:

  • Якія карціны напісаны мастакамі на гэту тэму?
  • Якія творы апісваюць Грунвальдскую бітву?
  • Якія кінастужкі зняты па матывах гэтай гістарычнай падзеі?

Акрамя таго спасылка на інтэрнэт-сайт:

Лев Сапега Великий канцлер Lew Sapieha LEV SAPEGA youtube.com

  • Даведацца пра тое, хто такі Леў Сапега, і пра яго ролю ў гісторыі.

7. Рэфлексія.

  • — Мае паважаныя даследчыкі, давайце зноў звернемся да народнай мудрасці.
  • — Чаму вас сёння навучыла наша даследчая дзейнасць?
  • — Чым вы задаволены? Чым не задаволены?

Слайд 17.

— Жадаю вам, каб вашы веды з кожным днём пашыраліся і былі для вас тым сонечным праменем, які будзе дапамагаць у жыцці.